7 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара). Двума днямі раней стала вядома пра прызначэнне яе пробашча ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.
На пачатку Імшы арцыбіскуп, нагадваючы пра вядомыя словы “Habemus Papam” (“У нас ёсць Папа”), якія абвяшчаюць пра абранне новага Пантыфіка, сказаў, маючы на ўвазе пробашча лідскай парафіі: “Habemus novum episcopum – у нас ёсць новы біскуп”.
Затым іерарх павіншаваў наміната, нажадаў яму Божай моцы ў выконванні абавязкаў наступніка апосталаў у сённяшні складаны час, згадаў пра сімвалізм служэння і прызначэння новага біскупа.
Арцыбіскуп адзначыў, што намінат у якасці пробашча лідскай Фары на працягу 21 года “ўзвышае крыж Хрыста сваім служэннем, каб людзі бачылі ў ім знак збаўлення і надзеі”. Іерарх пажадаў будучаму біскупу Божага благаслаўлення і апекі Панны Марыі, каб ён “у складаны час адыходу ад Бога смела нёс па прыкладу апосталаў крыж хрысціянскай веры ў сучасны свет”, і ўручыў яму піуску і крыж.
Гамілію арцыбіскуп прысвяціў міласэрнасці як адной з найбольш важных прыкмет Бога. “Ужо сёння відавочна, што без Божай міласэрнасці свет не зможа існаваць і сам сябе знішчыць. Нездарма святы Ян Павел ІІ казаў, што Божая міласэрнасць – гэта адзіная надзея сучаснага свету”, – адзначыў іерарх. Ён дадаў, што “ў Божай міласэрнасці, якая з’яўляецца дарам Уваскрослага Хрыста, знаходзіцца шанец на паяднанне і мір” і што “мяжу злу можа паставіць толькі міласэрны Бог”,
Арцыбіскуп заклікаў прысутных вернікаў быць не толькі “прамоўтарамі” культу Божай міласэрнасці, але таксама яе сведкамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі