З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Богу і Папе Францішку за яго памяць і клопат пра Касцёл у Беларусі вітаем новага Біскупа-Наміната для Беларусі Уладзіміра Гуляя!
Шаноўны Біскуп-Намінат Уладзімір, ад свайго імя і імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, шчыра віншую Вас з прызначэннем на Біскупа-Каад'ютара Гродзенскай дыяцэзіі. Вельмі рады, што Вашы здольнасці, таленты і апостальскі запал, з якімі Вы працавалі на розных пасадах у сваёй роднай дыяцэзіі будуць і далей служыць ужо на новым узроўні дабру як Гродзенскай дыяцэзіі, так і эфектыўнай працы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якая атрымлівае ў Вашай асобе новую “кроў”.
Гісторыя Гродзенскай дыяцэзіі надзвычай багатая. На працягу стагоддзяў гэты край сутыкаўся з гістарычнымі выклікамі пераносу межаў дзяржаў, вайсковых канфліктаў, акупацый і вызваленняў. Край над Нёманам, як і ўся Беларусь, славуты сваёй верацярпімасцю і багаццем нацыянальных культур і традыцый. Жадаю Вам, Эксцэленцыя, заўсёды мець час для кожнага, хто шукае Хрыста і патрабуе дапамогі. Толькі так мы зможам агульнымі намаганнямі ўмацоўваць мір і салідарнасць паміж людзьмі. Толькі так Хрыстовы Касцёл у Беларусі зможа весці людзей да збаўлення.
Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва, канструктыўнасць і адкрытасць на дзеянне Божага Духа ў служэнні на месцы Вашага шаноўнага папярэдніка на пасадзе дапаможнага Біскупа Гродзенскай дыяцэзіі, сёння Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а таксама ў вырашэнні бягучых пытанняў у межах Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Жадаю святла і моцы Святога Духа на гэтай адказнай пасадзе, апекі Маці Божай Вострабрамскай – Маці Міласэрнасці і заступніцтва св. Казіміра.
Шчыра віншую таксама Біскупа Аляксандра Кашкевіча з атрыманнем дапамогі ў няпростым служэнні такой вялікай дыяцэзіі. Няхай Уваскрослы Хрыстус далей нясе моц збаўлення ў асобах і праз паслугу сваіх пастыраў, бо як Сам казаў: “Дзе Я, там будзе і слуга мой” (Ян 12,25).
З малітвай і братэрскім прывітаннем у Хрысце
Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня ККББ