5 красавіка, у пятніцу актавы Вялікадня, у будынку біскупскай курыі ў Гродне адбылося афіцыйнае абвяшчэнне рашэння Папы Францішка.
На ўрачыстай падзеі сабраліся супрацоўнікі ўсіх аддзелаў курыі: святары, законныя сёстры, свецкія асобы.
Спачатку генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч прачытаў паведамленне Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб прызначэнні пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) i біскупскага вікарыя душпастырства для Лідскага рэгіёна кс. каноніка Уладзіміра Гуляя біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп-каад’ютар, прызначаны ў гісторыі сучаснай Беларусі ўпершыню, будзе дапамагаць у кіраванні дыяцэзіяй біскупу-ардынарыю, замяшчаць яго падчас адсутнасці або пры наяўнасці перашкодаў, a ў будучыні, калі біскупская сталіца будзе вакантнай, стане на чале дыяцэзіі.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч ад імя ўсіх прысутных звярнуўся да наміната з сардэчнымі віншаваннямі, падкрэсліўшы, што ў час радаснай велікоднай актавы Касцёл на Гродзеншчыне ўзбагаціўся новым іерархам.
Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй у сваіх першых пасля абвяшчэння аб прызначэнні словах узгадаў пра пасхальную таямніцу і радасць, якую перажывае ў гэты час Касцёл.
Новапрызначаны іерарх падкрэсліў, што духавенства і вернікі Касцёла на Гродзеншчыне ўтвараюць адну сям’ю.
“Мы адна сям’я, мы ўсе адно, адзін за аднаго мы адказныя перад Богам і адзін аднаго носім у сваіх сэрцах. У гэты хвалюючы для мяне момант прашу аб яшчэ большай малітве за мяне, за наш Касцёл, за тое, каб нашая сям’я дзяцей Божых была моцная Богам, моцная сілай уваскрослага Езуса”, – сказаў намінат.
Між іншым ён выказаў словы ўдзячнасці Святому Айцу Францішку, які прызначыў яго на гэтую адказную пасаду ў Касцёле, а таксама падзякаваў Апостальскаму нунцыю ў нашай краіне арцыбіскупу Антэ Ёзічу за падтрымку і за ўсе парады.
Асаблівыя словы ўдзячнасці намінат адрасаваў біскупу Гродзенскаму за праяўлены давер і айцоўскі клопат.
Біскуп-намінат выказаў надзею, што супольна з духоўнымі асобамі і вернікамі дыяцэзіі зможа рэалізоўваць сваю новую місію, якую прымае ў духу адказнасці і служэння.
Відэа будзе дададзена пазней.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі