Вялікая пятніца ў парафіяльнай супольнасці Святога Духа ў Гродне прайшла з удзелам арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча.
А 15-й гадзіне – час смерці Езуса – у парафіяльнай капліцы адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Вечарам прайшло набажэнства Крыжовага шляху з удзелам членаў усіх парафіяльных супольнасцяў. У ходзе набажэнства чыталіся разважанні на кожную з яго стацый.
Паколькі Вялікая пятніца – адзіны дзень, калі няма святой Імшы, асаблівы дзень цішыні, посту і малітвы, калі Езус аддаў жыццё за кожнага чалавека, то ў гэты дзень замест Эўхарыстыі здзяйсняецца літургія Мукі Пана.
У гаміліі ў межах літургіі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што Вялікая пятніца ўспрымаецца як успамін цярпенняў і смерці Хрыста. Гэта праўда, і праўдай з’яўляюцца таксама здрада і адрачэнне Ягоных вучняў, дадаў іерарх.
“Юда выдаў Езуса на смерць, а Пётр адрокся ад Яго. Што адчуваў Езус, калі глядзеў у вочы Пятра? Якія цярпенні Ён павінен быў перажываць з-за нявернасці вучня, якому паабяцаў прымат у Касцёле? – адзначыў арцыбіскуп. – Езус і сёння пакутуе за нашы грахі і нявернасць Яму. У імя паліткарэктнасці ў справах рэлігіі мы адракаемся ад Божага закону. За славутых трыццаць срэбранікаў прадаём нашу веру ў Бога, што з’яўляецца паказчыкам яе несапраўднасці і слабасці”.
Арцыбіскуп дадаў, што ў той жа час Касцёл заклікае засяродзіцца над цаной нашага збаўлення, якой стала крыжовая смерць Езуса Хрыста. Іерарх нагадаў, што ў чытанні Мукі Езуса прагучала Яго апошняе слова: “Збылося” – на грэчаскай мове “tetelestai”, значыць “заплачана”. Гэтае слова азначае, што Ён сваёй крыжовай смерцю поўнасцю заплаціў за нашы грахі, патлумачыў арцыбіскуп.
“Грэх для габрэяў быў доўгам перад Богам, які трэба было сплаціць. Хрыстус выкарыстоўвае камерцыйную мову, каб людзі лепей зразумелі сэнс адкуплення з няволі граху”, – сказаў іерарх і нагадаў прыпавесць пра слугу, якому гаспадар дараваў вялікі доўг і які, у сваю чаргу, не захацеў дараваць свайму даўжніку малы. “У гэтым заключаецца педагогіка Езуса, які навучае, што калі Бог нам дараваў, то і мы павінны дараваць іншым. Гэтаму Езус вучыць і ў малітве “Ойча наш”, – заўважыў арцыбіскуп.
Як падкрэсліў іерарх, важна памятаць, што “Езус не паабяцаў нам адпусціць грахі, а адпусціў іх, бо поўнасцю сплаціў наш доўг перад Богам, таму неабходна кінуцца ў абдымкі бязмежнай Божай міласэрнасці”. “Бог ніколі не стамляецца чыніць міласэрнасць, толькі чалавек стамляецца прасіць аб ёй”, – дадаў арцыбіскуп.
Ён нагадаў, што, ушаноўваючы крыж і становячыся перад ім на калені, трэба сказаць: “Дзякую”, перапрашаць за нашу нявернасць Богу і зрабіць пастанаўленне пазбягаць грахоў, бо, калі Езус заплаціў за нашыя даўгі Богу, трэба сцерагчыся, каб ізноў не трапіць у іх.
Кажучы пра тое, што Касцёл заклікае ўшаноўваць крыж, на якім Езус нас збавіў і які з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці, іерарх адзначыў: “На экранах мы бачым, як спартоўцы цалуюць медалі ці кубкі перамогі. Так і мы павінны цалаваць крыж Хрыста як знак Яго перамогі над злом і грахом”.
Ён падкрэсліў, што крыж Хрыста – “штандар хрысціяніна, на якім адбылася перамога над злом, грахом і смерцю”, і заклікаў “з павагай і духоўным засяроджаннем стаць сёння перад гэтым крыжам і абняць яго са словамі апостала Андрэя: “Вітай, крыж, адзіная мая надзея”, бо пасля цемры Вялікай пятніцы настане святло велікоднага ранку”.
Наталля Лазоўская, прэс-служба Гродзенска дыяцэзіі