Вялікі чацвер мае асаблівую важнасць для святароў. У гэты дзень дзве тысячы гадоў назад Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт пасвячэння. На Апошняй Вячэры Збаўца даверыў сваім вучням таямніцу Эўхарыстыі і справу распаўсюджвання хрысціянскай веры.
На ўспамін аб дадзеных падзеях штогод на літургіі Вялікага чацвярга святары аднаўляюць абяцанні, якія склалі падчас прэзбітэрскага пасвячэння. Такім чынам яны таксама пацвярджаюць сваю вернасць Хрысту.
Без святароў не было б сэнсу збірацца на святой Імшы. Без іх мы не мелі б магчымасці зняць з душы грахі і прыняць Цела Хрыста, не змаглі б перажыць хвалюючую радасць вянчання ці годна пахаваць памерлага.
Ад усяго сэрца дзякуем вам, дарагія святары, за тое, шта адказалі “так” на Божае пакліканне. Дзякуем за прысутнасць у нашым жыцці і за тое, што адказваеце цярплівасцю на нашыя слабасці. З нагоды Дня святара складаем самыя цёплыя віншаванні! Жадаем, каб шлях, абраны для вас Богам, асвячала Найсвяцейшая Маці. Няхай добры Езус трымае вас ля свайго сэрца, адорвае бласлаўленнем і ўсімі патрэбнымі ласкамі, а Святы Дух будзе бясконца шчодрым на свае дары.
Словы асаблівай падзякі і віншаванні выказваем нашаму ардынарыю біскупу Аляксандру Кашкевічу.
Жадаем Яго Эксцэленцыі моцнага здароўя, душэўнага супакою, шчырай радасці на кожны дзень, Божага бласлаўлення, сіл і стойкасці, дароў Святога Духа, апекі Маці Божай і Езуса – Найвышэйшага Святара.
Ад імя супрацоўнікаў СМІ Гродзенскай дыяцэзіі