У Пальмовую нядзелю, 24 сакавіка, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад). Таксама іерарх узначаліў урачыстую працэсію Пальмовай нядзелі вакол касцёла.
У святыні арцыбіскупа прывітаў ад імя ўсіх яго землякоў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк.
У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на кантрастах набажэнства ў гэты дзень, калі з адных і тых жа вуснаў гучыць радаснае “Гасанна!” і злавеснае “Укрыжуй!”. Разважаючы над гэтым, арцыбіскуп адзначыў: “Трагедыя, якая разыгралася на вуліцах і плошчах Ерузалема, сведчыць аб пошласці чалавека, які, у залежнасці ад абставін, становіцца духоўным хамелеонам. Калі натоўп з радасцю і энтузіязмам сустракае Езуса, чалавек робіць гэтак жа, а калі натоўп выступае супраць – то ён далучаецца да тых, хто патрабуе пакарання”.
Арцыбіскуп дадаў, што “Ерузалем не быў прыхільным месцам для ізраільскіх прарокаў, большасць з іх сустрэла там сваю пакутніцкую смерць”, і “падобнае сталася з Езусам”. Хаця Ён добра ведаў, што Ерузалем стаў пунктам незвароту для прарокаў, тым не менш быў поўны рашучасці пайсці туды, каб выканаць даручаную Яму нябесным Айцом місію збаўлення чалавека, сказаў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, “у кожнага ёсць свая мара і жыццёвая мэта на гэтай зямлі на шляху да нябеснага Ерузалема, аднак на гэтым шляху шмат перашкодаў, выпрабаванняў, нягодаў, пакутаў, ворагаў, ілжывых сяброў”. “Пад іх уплывам мы можам упасці на нашай жыццёвай дарозе. Жыццё паказвае, што няма нікога, хто мог бы сказаць, што дасягнуў мэты, ні разу не ўпаўшы. Езус тройчы ўпаў на камяністай дарозе на Галготу, але ніколі не заставаўся на зямлі і заўсёды ўставаў. Упасці і зграшыць – гэта па-чалавечы, але застацца ляжаць на зямлі ў грахоўным стане – гэта па-д’ябальску”, – адзначыў іерарх.
“Таму мы не павінны баяцца ўпасці, бо міласэрныя рукі Езуса гатовыя падняць нас, каб мы маглі працягваць наш жыццёвы шлях”, – падкрэсліў ён.
Арцыбіскуп нагадаў прыказку, якая кажа, што, калі падаем, трэба глядзець не на тое месца, дзе мы ўпалі, а на тое, дзе паслізнуліся. “У нашым выпадку – дзе і калі згадзіліся з грахоўнай спакусай, бо яе прыняцце – гэта наша паслізгванне”, – патлумачыў ён, дадаўшы, што трэба вучыцца на памылках, каб у будучыні іх не паўтараць.
“Езус не сышоў з дарогі, вызначанай Яго нябесным Айцом. А як наконт нас? Мы заўсёды з пальмовымі галінкамі перамогі дабра над злом усклікаем: “Гасанна!” ці патрабуем у Пілата: “Укрыжуй Яго!”? Гэта сутнаснае пытанне, на якое мы сёння, на парозе Вялікага тыдня, павінны даць адказ, які будзе сведчыць аб нашай хрысціянскай тоеснасці і вернасці. Кожны грэх і нявернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню – яшчэ адзін цвік у Найсвяцейшае Цела Езуса”, – сказаў арцыбіскуп.
Іерарх завяршыў гамілію зваротам: “Езу, дапамажы нам ісці той дарогай, якую нам вызначыў Бог, і ніколі не звярнуць з яе, бо яна вядзе да духоўнага ўваскрашэння і ў нябесны Ерузалем”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі