18-19 сакавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання для студэнтаў гэтай навучальнай установы.
19 сакавіка адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму галоўнай тэмай дня засяроджання быў гэты святы – постаць, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі збаўлення свету, жыцці Езуса Хрыста і Маці Божай.
Духоўныя практыкаванні ў межах дня засяроджання правёў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыі. Ён звярнуў увагу на тыя рысы Абранніка Панны Марыі, якія неабходныя ў жыцці святара і семінарыста.
Ксёндз Ян адзначыў, што святы Юзаф, па-першае, быў “чалавекам цішыні”, з дапамогай якой мы вучымся слухаць, каб пачуць іншага. Духоўны кіраўнік семінарыстаў дадаў, што на старонках Святога Пісання не знайсці ніводнага слова, якое прамовіў бы апякун Хрыста, ніводнага павучання альбо настаўлення; Юзаф быў ціхім і пакорным цесляром, якому Бог прызначыў асаблівую місію.
Святар патлумачыў, што ўменне захоўваць цішыню дазваляе знайсці праўду, да якой імкнецца так шмат людзей, і што Божы абраннік Юзаф, як ніхто іншы, пазнаў Праўду, палюбіў яе, а таксама выхаваў гэтую Праўду, якой з’яўляецца Езус.
У штодзённым раскладзе семінарыстаў ёсць час цішыні, такім чынам яны маюць магчымасць наследаваць святога Юзафа ў гэтай цноце.
Увага семінарыстаў была звернута на яшчэ адзін важны аспект жыцця святога – айцоўства, даручанае яму. У сувязі з гэтым студэнты семінарыі маглі ўзгадаць, што муж Марыі быў галавой Святой Сям’і, клапаціўся пра выхаванне Езуса, і што кожны святар выконвае служэнне духоўнага айца, пастыра, які клапоціцца пра сваіх авечак.
Разважанні ў межах дня засяроджання падводзілі ўдзельнікаў да той думкі, што святы Юзаф, абраннік, муж і апякун, з’яўляецца сапраўдным прыкладам для кожнага.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак