“Для мяне вялікая радасць і вялікае здзіўленне бачыць Касцёл такі дынамічны, такі жывы, які так добра развіваецца”, – прызнаўся ў каментарыі для grodnensis.by на заканчэнне свайго трохдзённага візіту ў Гродна Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
“Я вельмі рады гэтаму візіту, які пакінуў надзвычай добрыя ўражанні”, - адзначыў прадстаўнік Святога Айца, робячы своеасаблівае падсумаванне свайго прабывання на Гродзеншчыне.
“Я шмат гадоў працаваў у Еўропе, дзе Касцёл часта пакідае ўражанне стомленага, які перажывае крызісы, - дадаў арцыбіскуп. - Тут жа, наадварот, я сустрэўся з рэальнасцю абсалютна іншай, і гэта прынесла мне вялікую радасць”.
Апостальскі Нунцый выказаў удзячнасць біскупам і святарам, якія дапамаглі яму за гэтыя дні пазнаёміцца з рэальнасцю Касцёла на Гродзеншчыне. “Я ад’язджаю з пачуццём больш радасці, чым стомленасці. Тут я шмат пазнаў, многаму навучыўся, што, напэўна, дапаможа мне ў маёй працы. Вельмі хачу праінфармаваць Святога Айца і Дзяржаўны Сакратарыят Ватыкана аб тым, што я ўбачыў”, - сказаў арцыбіскуп. “Спадзяюся, што яшчэ не раз вярнуся сюды”, - дадаў іерарх.
Нагадаем, што падчас візіту ў Гродна арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з духавенствам і вернікамі дыяцэзіі ў катэдральным касцёле, навучэнцамі і выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі і катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі, наведаў парафіяльныя супольнасці, сустрэўся са студэнтамі-іншаземцамі, прадстаўнікамі малітоўных груп і рэлігійных рухаў. Таксама адбылася сустрэча з праваслаўным архіепіскапам Арцеміем і са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.
Гэта быў першы візіт арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Гродзенскую дыяцэзію.
кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Пакачайла