15 лютага клерыкі гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі разам з кс. прэфектам Андрэем Лішко сустрэліся з дзецьмі-інвалідамі з дома-інтэрната ў вёсцы Галавічполе. Семінарыйная супольнасць ужо на працягу некалькіх гадоў апякуецца выхаванцамі інтэрната.
"Гэтыя дзеці сталі для нас вельмі блізкімі людзьмі. Наведваючы іх, мы заўсёды стараемся, каб яны адчулі любоў, узаемападтрымку і цеплыню бацькоўскага дома. Час, праведзены сумесна, дазваляе таксама і нам напоўніцца радасцю ад магчымасці несці пасланне Евангелля для самых абяздоленых, хворых і пакінутых", - адзначыў адзін з семінарыстаў.
Дом-інтэрнат у Галавічполі прызначаны для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў пастаянным староннім доглядзе, бытавым абслугоўванні і медыцынскай дапамозе. Ён распачаў дзейнасць 28 жніўня 1973 года і разлічаны на 156 выхаванцаў.
кл. Яўген Амосенак