4 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаўся Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.
У гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе.
Падчас святой Імшы біскуп Юзаф Станеўскі разам з пробашчам парафіі кс. канонікам Уладзімірам Гуляем і шматлікімі прысутнымі вернікамі дзякавалі Богу за адкрытыя сэрцы дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла ў Беларусі.
Удзельнікі Імшы агарнулі малітвамі ўсе дабрачынныя арганізацыі, што дапамагаюць Касцёлу на Усходзе, асабліва вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Польшчы. Дзякуючы іх вялікай малітоўнай падтрымцы таксама адноўлена і пабудавана шмат парафіяльных святынь, стала магчымай рэалізацыя разнастайных праектаў і душпастырскіх ініцыятыў.
У гаміліі іерарх адзначыў, што ІІ Нядзеля Адвэнту ў нашых суседзяў у Польшчы з’яўляецца днём малітвы за Касцёл на Усходзе, які адраджаецца, і магчымасцю скласці матэрыяльныя ахвяраванні на развіццё Касцёла ў патрэбе. „Таму наша ўдзячнасць праз малітву ўзносіцца да Божага Трона за тых, хто нам дапамагае”, – дадаў біскуп.
Іерарх заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці тым людзям, ад якіх атрымалі дабро. Біскуп адзначыў, што трэба ўмець дзякаваць за кожнyю праяву чалавечай ахвярнасці і прыхільнасці і што хрысціяніна павінна характарызаваць такая рыса, як удзячнасць.
Разважаючы над літургічным чытаннем ІІ Нядзелі Адвэнту, біскуп падкрэсліў, што ў гэты час усім вернікам асабліва павінны спадарожнічаць так званыя адвэнтавыя прарокі, сярод якіх прарок Ісая і св. Ян Хрысціцель.
Па словах біскупа, менавіта яны заахвочваюць усіх да жыцця ў міры і скіроўваюць нашу ўвагу да Хрыста. “Толькі Хрыстос – наша надзея, гэта Ён стварае мір, аб якім мы ўсе павінны маліцца”, – сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў, каб час Адвэнту быў своеасаблівым чуваннем, трываннем пры Хрысце і імкненнем да з’яднання з Ім.
Кс. Юрый Марціновіч