24 кастрычніка святары, якія нясуць паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся на пастырскай сустрэчы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Па традыцыі ў гэты дзень іх чакала супольная малітва, душпастырскія аб’явы і спатканне з біскупамі.
Галоўным пунктам сустрэчы была св. Імша ў семінарыйнай капліцы, падчас якой сабраныя сваёй святарскай супольнасцю яшчэ раз дзякавалі за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і паслугу першага яе ардынарыя - біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Урачыстае набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што ўзнікненне дыяцэзіі стала магчымым дзякуючы вялікай падтрымцы св. Яна Паўла ІІ, які ў 1991 годзе аднавіў касцёльныя структуры ў нашай краіне.
Іерарх дадаў, што гродзенскі Касцёл абавязаны аддзячыць св. Яну Паўлу ІІ за яго дакладнае разуменне знакаў часу праз паглыбленне папскага навучання, якое святы пакінуў пасля сябе у выглядзе шматлікіх энцыклік, адгартацый і папскіх дакумантаў.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі ўзгадаў пра пачаткі ўзнікнення Гродзенскай дыяцэзіі і разважаў над сутнасцю святарскага паклікання, якое павінна выражацца ў штодзённай службе тым, да каго святар быў пасланы.
„На фундаменце веры нашых людзей была пабудавана дыяцэзія, і мы пачалі крочыць за Панам ў новым вымярэнні. Нашы людзі, верныя Богу і Евангеллю, падчас пераследу хрысціянства ніколі не здрадзілі, яны трывалі ў веры. І калі трэба было навучыць дзяцей маліцца без малітоўніка, маці вучылі іх сэрцам", - адзначыў іерарх.
Біскуп Станеўскі адзначыў, што развіццё дыяцэзіі стала магчымым дзякуючы падтрымцы шматлікіх людзей, якія з пакалення ў пакаленне перадаюць хрысціянскія традыцыі і самі ствараюць новую спадчыну Касцёла.
„Наша Гродзенская зямля адкрылася на хрысціянства ў адпаведным часе. Яна была благаслаўлёная Богам праз руплівых прапаведнікаў Евангелля - сёння гэта благаслаўлёныя і святыя, а перш за ўсё мучанікі за веру", – дадаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
Кажучы пра сутнасць святарства, якое павінна быць адзінай вялікай службай людзям, біскуп Станеўскі заахвоціў святароў да яшчэ большай адданасці ў душпастырскай справе.
„Нашыя рукі намашчаліся алеем Хрызма - знакам Духа Святога і яго сілы. Таму рукі святара з'яўляюцца інструментам барацьбы за дабро ў гэтым свеце, прыладай перадачы людзям Боскага дотыку”, – падсумаваў іерарх.
Спатканне святароў Гродзенскай дыяцэзіі скончылася аб'явамі адносна бліжэйшых мерапрыемстваў у дыяцэзіі i супольным абедам.
Чарговая пастырская сустрэчa адбудзецца 21 лістапада ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Шчыглінская