2 кастрычніка ў парафіі Святога Духа ў Гродне (мікрараён Альшанка) адбылося парафіяльнае свята "І да танца, і да ружанца". Урачыстую св. Імшу ў гэты дзень узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыцэзіі Юзаф Станеўскі.
Падчас набажэнства казанне прамовіў кс. Андрэй Скамарошка, які разважаў з дзецьмі пра зерне веры:
- Пасадзіўшы зерне, мы павінны клапаціцца пра яго, каб яно прарасло і дало добры плён.
Парафіяльнае свята супала з Днём настаўніка. З гэтай нагоды біскуп Юзаф павіншаваў прысутных сярод вернікаў працаўнікоў навучальных устаноў, а таксама бацькоў, "бо менавіта айцы і матулі з'яўляюцца галоўнымі настаўнікамі ў жыцці кожнага чалавека".
Пасля заканчэння св. Імшы сабраныя памаліліся на ружанцы ў інтэнцыі маладой парафіі, просячы аб усіх неабходных для яе ласках.
Затым адбылося выступленне дзіцячага парафіяльнага ансамбля "Анёлы", які налічвае ўжо амаль паўсотні дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў. Падчас свята вернікі таксама мелі магчымасць паслухаць спеву гурта "OPEN", паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, скаштаваць прысмакаў.
Пробашч парафіі кс. Павел Салабуда адзначыў, што правядзенне падобных мерапрыемстваў неабходна для плённага развіцця супольнасці:
- Для нашай маладой парафіі такія святы вельмі важныя, бо мы знаёмімся, збліжаемся, і сапраўды ў новым спальным раёне нашага горада пачынае бурліць духоўнае жыццё парафіі. На свята прыбыло некалькі сотняў дзяцей, некаторыя з іх прыйшлі ўпершыню, некаторыя праваслаўныя, і вось усе разам мы маліліся, танцавалі і адчувалі сябе як дома. Свята пад дэвізам "І да танца, і да ружанца" прайшло на "ура". Я думаю, кожны чалавек, які прыйшоў на нашае свята, адчуў сябе шчаслівым, дзякуючы прысутнасці Маці Божай і блізкага чалавека.
На заканчэнне ўрачыстасцей сабраныя вернікі запусцілі ў неба балонікавы ружанец.
Тэкст: А. Марцішэўская
Фота: Д. Казановіч