З 16 па 24 жніўня ў в. Бердаўка (Лідскі раён) прайшла сустрэча распазнання паклікання для дзяўчат пад назвай “Яны сустрэлі Езуса”, якую арганізавалі сёстры-салезіянкі. У спатканні прынялі ўдзел маладыя верніцы з розных куткоў Беларусі. На працягу 9 дзён дзяўчаты разважалі над урыўкамі з Евангелля, у якіх жанчыны з рознымі лёсамі сустрэлі Езуса, і як гэта змяняла іх жыццё. Штодзённыя спатканні падкрэслівалі розныя аспекты жыцця і паводзін: “Неспазнаныя (неспадзяваныя) жаданні”, “Міласэрны позірк”, “Служэнне і цішыня”, “Пакора і адвага”, “Ахвярнасць”.
Кожны дзень пачынаўся з сустрэчы з Богам у мясцовым касцёле на св. Імшы, якую цэлебраваў кс. Міхал Стэцкевіч.
Штодня удзельніцы маліліся, разважалі над сваім будучым і бягучым жыццём, пазнавалі сапраўдных “сябе”, выказвалі свае думкі, гатавалі ежу, умацоўвалі дух еднасці праз спартыўныя гульні.
Дзяўчаты здзейснілі пілігрымку ў Ліпнішкі. Там іх чакаў кс. пробашч Вітальд Жэльветра OFMCap, які падзяліўся сведчаннем свайго жыцця і падзяліўся жыццёвымі парадамі. У сваю чаргу с. Люцыя Пашук з супольнасці Маці міласэрнасці (Вострабрамскай) пачаставала дзяўчат гарбатай і распавяла пра сваё жыццёвае пакліканне.
Падчас рэкалекцый дзяўчаты таксама мелі магчымасць паслухаць канферэнцыю на тэму "Дзяўчына, жонка, маці" ад с. Клявец Ірыны ACS, паўдзельнічаць у майстар-класе па фларыстыцы, які правяла с. Петрусевіч Іра ACS.
На заканчэнне сустрэчы верніцы запрасілі жыхароў вёскі на супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, а пасля на традыцыйны салезіянскі вечар гульняў, спеваў і танцаў.
Крыху ўражанняў ад удзельніц рэкалекцый.
Ульяна, 14 гадоў: “Мне вельмі спадабаліся гэтыя рэкалекцыі аб распазнанні свайго паклікання. Штодзённая св. Імша, малітва, ружанец, вяночак – усё гэта дапамагала духоўна расці і развівацца. Смачная ежа, сямейныя адносіны паміж усімі намі, добры настрой – гэта тое, што я знайшла. Абавязкова вярнуся на наступны год на рэкалекцыі, каб добра, плённа і цікава правесці час у кампаніі дзяўчат”.
Ангеліна, 15 гадоў: “Гэта былі цудоўныя 9 дзён разам з дзяўчатамі. Кожны дзень у нас былі канферэнцыі, з якіх я вынесла, што трэба мець час, каб слухаць, што хоча сказаць нам Бог і таксама мець час, каб зразумець гэта. Кожны наш дзень пачынаўся са св. Імшы, менавіта гэты момант даваў сілы на ўвесь дзень. Увогуле, я пазнала шмат новага і цікавага, таму жадаю ў наступным годзе далучыцца да нас”.
Елізавета, 14 гадоў: “Было вельмі весела. Кожны дзень была цікавая праграма, заўсёды розная. Мы хадзілі нават у пілігрымку ў Ліпнішкі, дзе ксёндз распавядаў нам розныя гісторыі з яго жыццця. З духоўных момантаў больш за ўсё спадабалася адарацыя".
Кацярына, 18 гадоў: “Падчас сустрэчы мы ўзгадвалі біблейскіх жанчын, якія ў сваім жыцці сустрэлі Хрыста. Праз штодзённыя разважанні і малітву мы шукалі ў цішыні сваіх сэрц адказ на пытанне: “Якое пакліканне для мяне з’яўляецца сапраўдным шчасцем, прыгатаваным для мяне Панам Богам?” У наступным годзе таксама знайду час, каб яшчэ раз прыехаць на сустрэчу дзяўчат”.
Больш фотаздымкаў па спасылцы sdb.by