Лета – гэта асаблівы час для дзяцей, час канікул і адпачынку. Маленькія вернікі з піярскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Ліда-Індустрыяльны) добра ведаюць, што няма канікул ад Бога, а ёсць канікулы з Богам. Менавіта гэтыя словы і сталі своеасаблівым дэвізам лагера, які праходзіў у нашай парафіі з 14 па 21 жніўня ўжо трынаццаты раз.
Як і штогод, на працягу васьмі дзён дзеці маглі праводзіць свой час з песнямі, танцамі, гульнямі і ў той жа момант удасканальваць сваю веру. Сёлета ў лагеры прынялі ўдзел 289 дзяцей і 25 важатых.
Варта адзначыць, што прагноз надвор'я на перыяд лагеру не цешыў: перадавалі дажджы і навальніцы. Але, сабраўшыся 14 жніўня на св. Імшы, дзе адбылося адкрыццё “Канікул з Богам”, усе прысутныя вырашылі штодзень маліцца аб добрым надвор’і. Цяпер ужо з упэўненасцю можна сказаць: адбыўся сапраўны цуд! Кожны дзень свяціла сонца, і дзеці маглі адпачываць згодна з запланаванай праграмай.
Тыдзень быў насычаны рознымі мерапрыемствамі і забавамі: бег на арыентаванне, дзень батутаў, спартыўныя спаборніцтвы “Мнагабор’е”, конкурс талентаў “Хвіліна славы”, дзень танцаў і спеваў. Штодзень увечары дзеці разам з пробашчам парафіі а. Андрэем збіраліся на супольную малітву перад Місійным крыжом.
Пасля малітвы маленькія вернікі атрымоўвалі салодкі падарунак і ішлі дадому, каб падзяліцца з роднымі сваімі ўражаннямі.
У апошні дзень лагеру, пасля дзіцячай св. Імшы, усе ўдзельнікі “Канікул з Богам” падрыхтавалі сумесны танец-сюрпрыз для нашых парафіянаў. Дарослыя вельмі ўпадабалі танец і вырашылі да яго далучыцца. Такім чынам, гэта быў яшчэ адзін спосаб праслаўлення Нябеснага Айца. Пасля адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў "Канікул з Богам": усе яны атрымалі памятныя дыпломы і падарункі.
Тыдзень праляцеў вельмі хутка, лагер скончыўся, і цяпер вельмі важна, каб гэты адпачынак прынёс добры плён у жыццё кожнага з маленькіх вернікаў, каб усе яны згаджаліся са словамі, што найлепшыя канікулы – гэта канікулы з Богам!
Кацярына Мурамская