З 16 па 18 жніўня група вернікаў з Ліды разам са сваім духоўным кіраўніком ксяндзом Юрыем Беганскім здзейсніла паездку ў святыя месцы Польшчы. Першым месцам, куды наведаліся пілігрымы, стаў касцёл св. Антонія ў Сакулцы, дзе была адпраўлена св. Імша.
Чарговым пунктам праграмы стаў санктуарый Маці Божай Балеснай, дзе ў XVIII стагоддзі адбыўся цуд: сляпы стаў відушчым. Парафія на тым месцы была ўтворана пад канец ХХ стагоддзя.
Затым шлях накіроўваўся ў санктуарый Маці Божай Ліхэньскай, дзе група засталася пад вялікім уражаннем ад сузірання базылікі, удзеле ў вячэрняй і ранішняй Імшах, канцэрту арганнай музыкі.
Доўгачаканым пунктам паломніцтва для многіх вернікаў з групы стаў санктуарый Маці Божай на Яснай Гары ў Чанстахове, дзе людзі спяшаліся адкрыць свае душы, пазбавіцца ад грахоў, пакінуць просьбы, падзякі і ахвяраваць свой жыццёвы крыж.
Незабыўнае ўражанне пакінула закрыццё і адкрыццё цудатворнага абразу, дзе ў такія моманты людзі пераасэнсоўваюць жыццё.
На заканчэнне паездкі кс. Юрый падзякаваў кожнаму за ўдзел у паломніцтве і супольнай малітве і звярнуўся да паломнікаў са словамі Папы Францішка: "У Год Міласэрнасці людзі павінны больш увагі надаваць малітве, духоўнай рэформе, прабачэнню і дапамозе бліжняму, раскрыць свае душы на ласку Божай міласэрнасці і добрыя ўчынкі для тых, хто найбольш іх патрабуе!".
Галіна Якімовіч