Вядома, Гродзенская парафіяда рэалізуецца на падставе трох кампанентаў: "Святыня", "Тэатр" і "Стадыён". Штогод яе ўдзельнікі выпрабоўваюць свае сілы ў розных спаборніцтвах і адкрываюць у сабе новыя дары і здольнасці. Якія з трох элементаў парафіяды маладым вернікам падабаюцца больш і чаму, чытайце ніжэй.
Анастасія, 13 гадоў (парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе)
Больш за ўсё мне падабаецца элемент “Стадыён”, таму што на спартыўных спаборніцтвах я магу быць вельмі актыўнай, ёсць куды выдаткаваць сваю энергію. Увогуле ў парафіядзе прымаю ўдзел першы раз і планую атрымаць перамогу ў бегу на 800 метраў і скачках.
Дзіяна, 13 гадоў (парафія Беззаганнага Зачацця НПМ у Гродне)
У спартыўных спаборніцтвах я не ўдзельнічаю па стане здароўя, тэатр мне не падабаецца, таму што там усё адбываецца не па-сапраўднаму. І ўвогуле, калі Езус хадзіў па зямлі, ані спорту, ані тэатру, напэўна, яшчэ не было. А вось у “Святыні” прысутнічае Бог, таму гэты элемент мне і падабаецца.
Алег, 11 гадоў (парафія Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жырмунах)
Мне больш за астатнія падабаецца элемент “Стадыён”, зразумела, таму што там спорт, а ўсе хлопцы любяць спорт. У гэтым годзе спаборнічаць буду ў бегу. Хоць і разумею, што перамога не галоўнае, але ўсё ж такі спадзяюся на яе.
Ірына, 15 гадоў (парафія св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне)
Я люблю элемент “Тэатр”, таму што ён дапамагае ўдзельнікам раскрыць свае творчыя таленты і перамагці сарамлівасць, бо публіка на парафіядзе заўсёды прымае вельмі цёпла. Таксама мне падабаецца элемент “Стадыён”, бо я заўсёды прымаю ўдзел у спартыўных спаборніцтвах: кіданні мяча, тэнісе, бегу. Дарэчы, у мінулым годзе я заняла першае месца ў кіданні мяча.
Улад, 16 гадоў (парафія Маці Божай Анёльскай у Гродне)
Увогуле ўсе элементы парафіяды аднолькава важныя, цікавыя і добра арганізаваныя. Яны дапаўняюць адзін аднаго, дапамагаюць удзельнікам развівацца ва ўсіх напрамках. Але перш за ўсё я адзначыў бы элемент “Святыня” – ён узбагачае духоўна, дазваляе быць бліжэй Бога, лепш пазнаць Яго.
Падрыхтавалі А. Марцішэўская, В. Сяліцкая