У панядзелак 20 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Баззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі стартавала VІІІ па ліку Дыяцэзіяльная парафіяда для дзяцей і моладзі. Традыцыйна гэтае спартыўна-рэлігійнае і творчае мерапрыемства распачалося з урачыстай св. Імшы, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На распачацце набажэнства ардынарый прывітаў усіх удзельнікаў парафіяды і благаславіў іх на плённае перажыванне чатырохдзённай сустрэчы.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Марціновіч, які звярнуў увагу на тое, "што парафіяда арганізвана такім чынам, каб кожны ўдзельнік мог адпачыць душой і целам і раскрыць свае таланты".
Святар таксама адзначыў, што нездарма дэвізам сёлетняй парафіяды сталі словы, якія датычаць міласэрнасці:
- Мы перажываем Юбілейны Год Міласэрнасці і таму вельмі важна, каб падчас гэтай парафіяды мы навучыліся не толькі прасіць аб міласэрнасці, але і даваць гэтую міласэрнасць людзям, што побач з намі.
Напрыканцы літургіі ўдзельнікі спаборніцтваў урачыста вынеслі сцяг, тым самым распачынаючы парафіяду.
Наперадзе маладых вернікаў чакаюць шматілікія спаборніцтвы ў межах трыяды “Святыня – Тэатр – Стадыён”.
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: В. Снітко