Уік-энд 4 - 5 красавіка быў асаблівым: настаў час Вялікай суботы і Велікоднай нядзелі. Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі ў апошні раз замерлі ў чаканні Збаўцы, пасля чаго па ўсіх парафіях Гродзеншчыны разнёсся радасны гоман: “Хрыстос Уваскрос!”
У Вялікую суботу парафіяне па ўжо даўно складзенай традыцыі ўвесь дзень прыносілі ў касцёл кошычкі з велікоднымі стравамі для асвячэння.
Увечары вернікі сабраліся на Пасхальную вігілію, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума і мае вельмі развіты і багаты змест, уключаючы ў сябе ўсю гісторыю збаўлення.
А ўначы ва ўсіх касцёлах Гродна праходзілі начныя малітоўныя чуванні, у якіх вельмі актыўны ўдзел заўсёды прымаюць самыя маладыя вернікі.
Спачатку моладзь адаруе Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце ва ўласнай парафіі, пасля наведвае суседнія касцёлы, каб супольна праславіць Бога малітвамі і спевам.
А 7 гадзіне раніцы па вуліцах Гродна прайшла ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія, пасля якой пачалася св. Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У сваёй гаміліі ардынарый разважаў над таямніцай уваскрасення Хрыста:
- Ужо больш за 2 тысячы гадоў праўда аб уваскрасенні Хрыста выклікае радасць у сэрцах хрысціянаў. А чаму яна выклікае гэтую радасць? Перш за ўсё той факт, што Езус уваскорс, азначае, што Ён жывы. Яго гісторыя не скончылася ў гробе, а добрая навіна, якую Ён абвяшчаў, не засталася ў мінулым. Хоць Езуса без віны абвінавацілі, прыгаварылі да смерці і ўкрыжвалі, пасля 3 дзён Ён уваскрос, тым самым атрымаўшы перамогу над смерцю, насіллем і нянавісцю.
Уваскрасенне Езуса надае сэнс нашаму жыццю, паказвае, што яно не з’яўляецца пустой вандроўкай без мэты, але цудоўным падарожжам да збаўлення і вечнай радасці. Калі Ён паўстаў з мёртвых, то і мы ўваскрэснем.
На заканчэнне набажэнства біскуп блаславіў прысутных і пажадаў усім спакойных і радасных святаў Вялікадня.
Фота: Ангеліна Марцішэўская, Вольга Сяліцкая