У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава "Анёльскім шляхам да Хрыста", якая прысвечана ролі анёлаў у жыцці чалавека. У экспазіцыі прадстаўлены скульптуры XVII - XVIII стст. са збораў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама працы сучасных майстроў і іх крэатыўны погляд на анёльскую тэматыку.
Паводле Св. Пісання прызначэнне анёла (ад стар. грэч. "вястун", "пасланец") заключаецца ў служэнні Богу, барацьбе з Яго ворагамі і пасрэдніцтве паміж Богам і чалавекам, перадачы людзям Божай волі.
На выставе адразу прыцягваюць позірк маленькія скульптуры "пуці" (мн.лік, адз.лік - пута; ад лац. "хлопчык") - выявы хлопчыкаў, звычайна крылатых, якія сфармаваліся ў антычным мастацтве. У раннехрысціянскай культуры пуці з'яўляліся правобразамі анёлаў і ўвасабленнем бязвіннасці.
Часта пуці прадстаўляюць у выглядзе галоўкі дзіцяці з крыламі, але сустракаюцца і выявы гэтых анёлаў у поўны рост.
Акрамя пуці выстава прапануе ўвазе гледачоў скульптуры анёлаў-ахоўнікаў...
...і адлюстроўвае падзеі са Святога Пісання. Адна з іх прадстаўляе Захарыю, якому з'яўвіўся анёл з добрай весткай аб тым, што просьба Захарыі была выслухана і неўзабаве ў яго сям'і народзіцца доўгачаканае дзіця.
Калі вы з'яўляецеся аматарамі мастацтва ў стылі мадэрн, экспазіцыя пацешыць вас пладамі творчасці сучасных Гродзенскіх майстроў.
Працы студыі мастацкай керамікі "Казачная гліна".
"Хлоя" Ірыны Галонскай. "Анёл" Кацярыны Неўгень.
"Анёлы" Анастасіі Матусевіч.
"Спакушаючы спакушаюся" і "Гарадзенскі анёл" Вікторыі Анціпінай.
Выстава змяшчае яшчэ шмат займальных экспанатаў, ў тым ліку серыю абразоў з архангеламі Габрыілам, Міхаілам, выявай Св. Троіцы і інш., таму ўсім цікавым варта наведаць экспазіцыю, дэманстрацыя якой будзе працягвацца да 16 лютага.
Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30).
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская