У мястэчку Сан-Пайю дэ Олейруш (паўночная Партугалія) пабудавана самая вялікая рухомая батлейка на свеце. Калядную сцэну, пабудаваную на фабрыцы ў Кавалінью, можна наведаць бясплатна.
Батлейка, якая налічвае больш за 160 механічных фігур, у мінулым годзе была занесена ў кнігу рэкордаў Гінеса, і нішто не паказвае на тое, што яна можа страціць сваё першынство, паколькі арганізатары арыгінальнай экспазіцыі вырашылі ў апошнія дні дадаць яшчэ некалькі новых персанажаў. Раней тытул найвялікшай каляднай батлейкі свету належаў аднаму мексіканскаму прадпрымальніку.
Як сказаў Сэржыё Алівейра, адказны за батлейку ў Сан-Пайю дэ Олейруш, пабіць рэкорд Гінеса стала магчыма дзякуючы збору на мяжы 2012-2013 гадоў некалькіх сотняў новых экспанатаў.
«На сёння мы маем 162 фігуры, якія складаюць цэнтральны элемент гэтай выключнай экспазіцыі. У далейшым плануем павялічваць памеры месца, на якім размешчана калядная батлейка», - сказаў ён.
Найвялікшая рухомая батлейка свету займае плошчу паверхні каля 4 тыс. кв. м. У яе склад уваходзіць больш за 8000 фігур, якія прадстаўляюць людзей, анёлаў, жывёл, а таксама будынкі. «Сярод фігур, далучаных ў гэтым годзе да батлейкі, з'яўляецца фігурка Папы Францішка. Ён не адзіны папа ў нашай экспазіцыі: ёсць тут фігурка Яна Паўла II. Польскі Папа прадстаўлены ў сцэне сустрэчы з сястрой Люсіяй, Фацімскай візіянеркай. Гэтая сустрэча адбылася ў час паломніцтва Папы ў Партугалію», - дадаў Алівейра.
Батлейка ў Сан-Пайю дэ Олейруш дае наведвальнікам магчымасць азнаёміцца з гісторыяй хрысціянства і Касцёла ў Партугаліі. Частка экспазіцыі прысвечана фальклору гэтай іберыйскай краіны, а таксама рэгулярным мерапрыемствам, напрыклад, партугальскім рэлігійным працэсіям або спартыўным падзеям. Сярод экспанатаў таксама ёсць мініятурны пасажырскі цягнік і канатная дарога.
У цэнтральнай частцы батлейкі - сцэны з жыцця Езуса з Назарэта, у прыватнасці яслі, у якіх Ён ляжаў пасля нараджэння, і крыж, на якім Ён памёр. Пустая пасля Уваскрэсення грабніца ўяўляе сабой «уступ» да прэзентацыі гісторыі Касцёла ў свеце і ў Партугаліі.
Аўтар ідэі гіганцкай батлейкі, размешчанай паблізу фабрыкі Кавалінью, - генеральны дырэктар гэтай установы Мануэль Жасінту Асеведу, ў прыватным жыцці - калекцыянер батлеек.
«З малой задумы, якая нарадзілася некалькі гадоў таму, у нашай ўстанове з'явілася самая вялікая батлейка ў свеце з рухомымі фігурамі. Гэтае дасягненне стала магчымым дзякуючы ўдзелу больш за 30 работнікаў нашай установы, якія штогод ў вольны час мантуюць экспазіцыю», - сказаў Сэржыё Алівейра, які працуе гандлёвым дырэктарам фабрыкі.
Некалькі залаў з надзвычайнай экспазіцыяй можна будзе бясплатна наведаць яшчэ да сакавіка 2015 года.
Паводле gosc.pl
Здымкі Santa Maria da Feira